ЧО́РТАЎ СЛЕД ЯКУБЯ́НСКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца за 1,5 км на ПдЗ ад в. Якубянцы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун ружовага граніту рапаківі з уключэннем крышталёў палявога шпату (таблічкі 2 × 4 см, часам 6 × 8 см), шаравата-блакітнага кварцу і біятыту.

Прынесены ледавіком 20—18 тыс. г. назад з ПдЗ Фінляндыі. На камені ёсць след, аб паходжанні якога існуюць паданні. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)